ДАБРЫГО́РСКІ ПАРК, сад «Саломінка»,

помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 1906 у в. Дабрыгоры Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. на правым беразе р. Крывінка ваен. урачом П.​М.​Красавіцкім. Дрэвы садзіў вядомы садавод Я.​Мароз. Пл. 10 га. Парк эканам. тыпу, па кампазіцыі пладовы сад.

Па перыметры абсаджаны рознымі экзотамі, якія ўтвараюць ахоўныя пасадкі і невял. паркавыя курціны. У ім каля 30 відаў і формаў дэкар. раслін: кедр сібірскі, елкі белая, Энгельмана, серабрыстая, хвоі веймутава, жорсткая, чорная, Банкса, лістоўніцы яп. і еўрап., бук, арэх маньчжурскі, клён татарскі і інш.

Літ.:

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 87—88.

т. 5, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)